СІЕ́НСКАЯ ШКО́ЛА,

мастацкая школа Італіі ў 13—16 ст. з цэнтрам у г. Сіена. Зыходзіла з традыцый італа-візант. і гатычнага жывапісу. У перыяд росквіту школы (13—1-я пал. 14 ст.) творы яе майстроў (Дуча ды Буанінсенья, С.​Марціні і інш.) вызначаліся адухоўленым лірызмам, эмац. насычанасцю мяккага каларыту, вытанчанасцю лінейнага рытму. С.ш. цесна звязана з пошукамі Джота ды Бандоне і творчасцю фларэнційскіх майстроў протарэнесансу, жывапісам братоў Ларэнцэці. У 15 ст. яе адметнымі рысамі былі вытанчаны дэкаратывізм, лірычная сузіральнасць, атмасфера казачнасці (Джавані ды Паала). Ў 16 ст. паступова страціла сваё значэнне.

Я.​Ф.​Шунейка.

т. 14, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)